Рэтраспектыва спрынту: фарматы, пытанні і сцэнарый сустрэчы
Рэтра ператвараецца ў рытуал, калі каманда кожны раз кажа адно і тое ж і нічога не мяняе. Разбіраем, як пабудаваць сустрэчу, каб напрыканцы было два-тры канкрэтныя дзеянні, і якія пытанні дапамагаюць да іх дайсці.
Змест · 9 раздзелаў
Рэтраспектыва — сустрэча, на якой каманда глядзіць не на задачы, а на тое, як яна працуе. Спрынт скончыўся: што дапамагала, што замінала і што паспрабаваць інакш наступным разам. Гучыць проста, але на практыцы рэтра часта зводзіцца да таго, што двое самых гаваркіх дзеляцца ўражаннямі, астатнія ківаюць, а спіс «што палепшыць» праз два тыдні паўтараецца слова ў слова.
Прычын звычайна тры: людзі не гавораць пра нязручнае ўголас, абмеркаванне расплаўзаецца без структуры, а высновы не ператвараюцца ў дзеянні з адказным. Усе тры вырашаюцца фарматам сустрэчы — пра гэта і пойдзе гаворка.
З чаго складаецца добрае рэтра
Класічная структура рэтраспектывы — пяць этапаў. Іх карысна трымаць у галаве, нават калі вы мяняеце практыкаванні ад спрынту да спрынту.
| Этап | Што адбываецца | Фармат у Nekler | Час |
|---|---|---|---|
| Адкрыць сустрэчу | Кожны кажа хоць нешта, каманда пераключаецца з задач | Воблака слоў «Адно слова пра спрынт» | 3 хв |
| Сабраць даныя | Факты і адчуванні: што было добра, што замінала | Адкрытыя пытанні | 10 хв |
| Знайсці прычыны | Абмяркоўваем самае частае і самае балючае | Абмеркаванне па адказах на экране | 15 хв |
| Вырашыць, што робім | Выбіраем 2–3 дзеянні на наступны спрынт | Галасаванне з выбарам некалькіх варыянтаў | 10 хв |
| Закрыць сустрэчу | Ацэнка самой рэтра | Шкала «Наколькі карыснай была сустрэча» | 2 хв |
На першыя спрынты новага праекта закладвайце гадзіну: абмеркаванне прычын займае больш часу, пакуль каманда не прывыкла да фармату. Для каманды, якая ўжо спрацавалася, хапае 30–45 хвілін.
Чаму адказы з тэлефонаў робяць рэтра шчырэйшым
На класічным рэтра ўдзельнікі пішуць стыкеры і клеяць іх на дошку. Гэта працуе, але ёсць два слабыя месцы: почырк пазнавальны, а на анлайн-сустрэчы стыкеры ператвараюцца ў асобную дошку, куды палова каманды так і не заходзіць.
Калі каманда адказвае з тэлефонаў, усе пішуць адначасова, а на экране бачныя адказы без подпісу. Імя ўдзельнік пазначае, толькі калі вядучы ўключыў «Пытаць імя» ў адкрытым пытанні, — для рэтра гэтую наладу лепш пакінуць выключанай. У выніку пра сарваны рэліз або перагрузку піша не толькі цімлід, але і той, хто звычайна маўчыць.
Пяць фарматаў рэтраспектывы
Адзін і той жа фармат кожныя два тыдні хутка надакучвае. Трымайце ў запасе некалькі і мяняйце іх, калі адчуваеце, што адказы сталі шаблоннымі.
Старт — Стоп — Працягнуць
Тры адкрытыя пытанні: што пачаць рабіць, што перастаць рабіць, што працягваць. Самы просты фармат для першага рэтра і для каманд, якія не любяць метафар. Высновы адразу сфармуляваныя як дзеянні.
Добра — Дрэнна — Ідэі
Таксама тры пытанні, але першыя два — пра мінулае, трэцяе — пра будучае. Карысны пасля цяжкага спрынту: спачатку каманда прызнае, што было добрага, і толькі потым разбірае праблемы.
Паруснік
Метафара: каманда — лодка. Што дзьме ў ветразі (дапамагае), што цягне як якар (замінае), якія рыфы наперадзе (рызыкі) і куды плывём (мэта). Кожнаму элементу — сваё адкрытае пытанне. Фармат добры перад вялікім рэлізам, бо падымае тэму рызык.
Тэмпература спрынту
Шкала ад 1 да 10 па некалькіх сцверджаннях: «Мы паспявалі па задачах», «Патрабаванні былі зразумелыя», «Мне хапала дапамогі ад каманды», «Я задаволены якасцю выніку». На экране відаць сярэдняе па кожным сцверджанні — самае нізкае і становіцца тэмай абмеркавання. Зручна параўноўваць спрынты паміж сабой: кожны запуск прэзентацыі захоўваецца асобнай сесіяй у справаздачах.
Адно пытанне
Калі часу мала або спрынт быў спакойны — адно адкрытае пытанне «Якая адна змена зрабіла б наступны спрынт лепшым?» і галасаванне за прапановы. Дваццаць хвілін замест гадзіны.
Пытанні для рэтра па этапах
Пытанні для адкрыцця сустрэчы (воблака слоў, адно-два словы):
- Адно слова пра мінулы спрынт.
- Якім быў спрынт, калі б гэта было надвор’е?
- З якім пачуццём вы заканчваеце спрынт?
- Якое слова найдакладней апісвае нашу работу за гэтыя два тыдні?
Пытанні для збору даных (адкрытае пытанне):
- Што дапамагала нам у гэтым спрынце?
- Што замінала працаваць?
- Дзе мы страцілі больш за ўсё часу?
- Што вас здзівіла?
- Якую задачу вы зрабілі б інакш, калі б пачалі нанова?
- Каму з каманды хочацца падзякаваць і за што?
Пытанні для пошуку прычын (абмеркаванне ўголас па адказах на экране):
- Чаму гэта паўтараецца ўжо не першы спрынт?
- Гэта залежыць ад нас ці ад знешніх абставін?
- Што павінна было здарыцца, каб праблема не ўзнікла?
- Хто яшчэ павінен ведаць пра гэтую праблему?
Пытанні для рашэння (галасаванне):
- Што мяняем у наступным спрынце? Выберыце да трох варыянтаў.
- Якое дзеянне дасць найбольшы эфект пры меншых намаганнях?
- Хто возьме гэтае дзеянне на сябе?
Пытанні для закрыцця (шкала):
- Наколькі карыснай была гэтая рэтраспектыва?
- Наколькі вы ўпэўнены, што мы выканаем выбраныя дзеянні?
Як правесці рэтра ў Nekler
- Вазьміце шаблон «Рэтраспектыва спрынту» або стварыце прэзентацыю з нуля.
- Першым слайдам пастаўце воблака слоў «Адно слова пра спрынт».
- Дадайце адкрытыя пытанні пад выбраны фармат — напрыклад, «Што дапамагала?» і «Што замінала?».
- Апошнім інтэрактыўным слайдам зрабіце «Множны выбар» з дзеяннямі і дазвольце выбраць да трох варыянтаў.
- Запусціце паказ, выведзіце экран паказу на праектар або праз дэманстрацыю экрана ў відэазванку.
- Пакажыце код і QR — каманда ўвойдзе з тэлефонаў без рэгістрацыі.
- Пасля сустрэчы адкрыйце справаздачу па сесіі і перанясіце выбраныя дзеянні ў задачы спрынту.
Варыянты для галасавання зручна збіраць проста на сустрэчы: пакуль каманда абмяркоўвае адказы, вядучы выпісвае прапановы. Праўкі падчас паказу трапляюць у наступны запуск, таму для галасавання за дзеянні ёсць два шляхі. Першы — загадзя падрыхтаваць слайд з тыповымі дзеяннямі і варыянтам «Сваю прапанову — назавіце ўголас». Другі — завяршыць першую частку сустрэчы, упісаць прапановы ў слайд галасавання і запусціць паказ яшчэ раз з новым кодам.
Як не ператварыць рэтра ў рытуал
Не больш за тры дзеянні. Пяць «паляпшэнняў» за спрынт не зробіць ніхто. Адно выкананае дзеянне карысней за спіс з дзесяці.
У кожнага дзеяння ёсць уладальнік. «Палепшыць камунікацыю» — не дзеянне. «Ганна да серады заводзіць агульны канал для пытанняў па рэлізе» — дзеянне.
Пачынайце з праверкі мінулых рашэнняў. Першыя пяць хвілін — што з выбранага мінулым разам зрабілі. Калі нічога, гэта галоўная тэма сустрэчы.
Не шукайце вінаватых. Вядучы сочыць, каб абмеркаванне ішло пра працэсы, а не пра людзей. Адказы без подпісу дапамагаюць, але тон задае той, хто вядзе сустрэчу.
Мяняйце фармат. Калі на «Што замінала?» трэці спрынт запар прыходзяць адны і тыя ж адказы, паспрабуйце «Паруснік» або шкалу — новы ракурс дастае новыя назіранні.
Вядучы рэтра — не кіраўнік. Калі ёсць магчымасць, хай сустрэчу вядзе хтосьці з каманды па чарзе або калега з суседняй каманды. Кіраўнік тады ўдзельнічае на роўных.
Рэтра для размеркаванай каманды
Анлайн-рэтра нічым не горшае за вочнае, калі прадумаць два моманты. Першы — экран паказу: выведзіце яго праз дэманстрацыю экрана ў відэазванку, а ўдзельнікі адкажуць у браўзеры на тэлефоне або ў суседняй укладцы. Другі — цішыня: у відэазванку паўзы адчуваюцца даўжэйшымі, таму загадзя скажыце, колькі часу даяце на адказ, і чытайце адказы ўголас, як толькі яны з’яўляюцца.
Калі частка каманды ў іншым часавым поясе і сабрацца разам цяжка, збор даных можна вынесці да сустрэчы: зрабіце апытанне па спасылцы з тымі ж адкрытымі пытаннямі, а на самой сустрэчы абмяркоўвайце ўжо сабраныя адказы. Як уладкавана такое апытанне — у даведцы «Апытанне па спасылцы».
Што далей
Рэтра — адна з рэгулярных сустрэч каманды. Як зрабіць карацейшымі астатнія, расказваем у артыкуле «Як правесці планёрку за 15 хвілін», а ідэі для размінкі на пачатку сустрэчы — у падборцы «Ледаколы для сустрэчы». Гатовыя сцэнарыі для каманд сабраны на старонцы «Нарады і рэтра».
Воблакі слоў, адкрытыя пытанні, галасаванні і шкалы ёсць на бясплатным тарыфе: на Free у жывых сесіях за месяц удзельнічаюць да 50 унікальных чалавек — для каманды з дзесяці чалавек гэтага хапае з запасам.
Частыя пытанні
Як часта праводзіць рэтраспектыву?
Напрыканцы кожнага спрынту, звычайна раз на адзін-два тыдні. Калі спрынтаў няма, раз на месяц або пасля завяршэння этапу праекта.
Колькі доўжыцца рэтра?
30–45 хвілін для каманды да дзесяці чалавек. Першыя рэтра новага праекта лепш планаваць на гадзіну.
Ці бачыць кіраўнік, хто што напісаў?
На экране паказу адказы без подпісу. Імя пытаюць, толькі калі вядучы ўключыў «Пытаць імя» ў адкрытым пытанні, і нават тады яго можна не пазначаць.
Ці можна параўнаць спрынты паміж сабой?
Так. Кожны запуск прэзентацыі — асобная сесія са сваёй справаздачай, таму шкалы і воблакі розных спрынтаў можна адкрыць побач у раздзеле «Вынікі».